Хвала Хрысту!
Шаноўныя браты і сёстры! Шаноўныя парафіяне!
Сардэчна запрашаю на Святую Імшу 24 снежня а 22.00 гадзіне( у Дубравах будзе а 19.00 гадзіне).
Пастырскае пасланне на Божае Нараджэнне 2014
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
КАЛЯДЫ – ЗАЎСЁДЫ АКТУАЛЬНЫ БОЖЫ ДАР
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, усе людзі добрай волi!
1. Вось ізноў па Божай міласці мы святкуем адно з самых значных і любімых святаў – Божае Нараджэнне. Як многа прыемных ўспамінаў і эмоцый выклікае ў нас гэтае свята. Мы ўспамінаем сваё дзяцінства, калі чакалі і не маглі дачакацца Калядаў; калі спяшаліся да касцёла, каб заспяваць радаснае “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі” і пакланіцца Немаўлятку Езусу, які знаходзіўся ў яслях; калі пад святочна ўпрыгожанай ёлкай знаходзілі падарункі і доўга іх разглядалі.