Пасха — шлях у будучыню
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!
1. Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Гэтым пасхальным воклічам вітаю ўсіх вас у самае галоўнае свята хрысціянства — Пасху Хрыстову. Сёння мы засяроджваемся на вечна жывой і актуальнай праўдзе нашай веры аб уваскрасенні Хрыста. Нездарма св. апостал Павел вучыць, што, «калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная» (1 Кар 15, 14). Таму ўваскрасенне Хрыста — гэта падмурак нашай веры.