Вторник, 17 Февраль 2015 17:59

ВЯЛІКІ ПОСТ – ЧАС ДУХОЎНАЙ ФАРМАЦЫІ СЭРЦА

Автор 
Оцените материал
(1 Голосовать)

 

Пастырскае Пасланне на Вялікі пост 2015

“Кайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1, 15)

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1.      Гэтыя словы прамаўляў святар у папяльцовую сераду, калі пасыпаў нашы галовы попелам на распачацце Вялікага посту. Гэтыя словы – гэта не што іншае, як заўсёды актуальны заклік Езуса да навяртання, які паўтарыла Марыя ў Фаціме ў 1917 г., бо кожны чалавек грэшны і кожны падуздзеяны спакусам злога духа.

Евангелле першай нядзелі Вялікага посту распавядае нам аб выпрабаванні Хрыста на пустыні. Калі ж злы дух адважыўся спакушаць самога Сына Божага, то няма нічога дзіўнага ў тым, што ён спакушае і чалавека, і таму яму патрэбна навяртанне.

2.      Слухаючы слоў Евангелля, мы можам задаць два наступныя пытанні.

Першае, чаму Езус быў выпрабоўваны? Ці ж Ён не быў Богам? Навошта Ён павінен быў змагацца са спакусамі д’ябла?

Адказ на гэтае пытанне можа быць адзіны. Менавіта, таму, што Ён будучы Богам быў таксама сапраўдным чалавекам. Езус прыняў хрост ад св. Яна Хрысціцеля; прыняў як чалавек, бо як Богу ён Яму не быў патрэбны. Такім чынам Ён стаў у адзін шэраг з іншымі людзьмі, якія ішлі да св. Яна Хрысціцеля, каб прыняць хрост. Гэтым самым Хрыстус хацеў падкрэсліць, што Ён таксама чалавек, а кожны чалавек нараджаецца да новага жыцця праз хрост.

Падобнае тлумачэнне мы маем адносна выпрабавання Езуса на пустыні. Кожны чалавек адчувае спакусу. Злы дух цягне чалавека ад Бога, каб ішоў шляхам самадастатковасці і пагардлівасці Божым законам, які Адам і Ева адкрылі для сваіх нашчадкаў. Чалавек не стаў бы грахоўным, каб не выявіў прывабнасці граху. Мы ведаем, што такое дабро, але ў той сам час чынім зло.

Адным з цудаў свету з’яўляецца Вялікая кітайская сцяна. Гэта адзіная будова, якую, як кажуць, можна было б убачыць нават з месяца, каб была б такая магчымасць. Кітайцы збудавалі яе, каб адгарадзіцца ад качэўнікаў, якія часта нападалі на іх, і быць упэўненымі, што ніхто іх не захопіць і ім няма чаго баяцца. Аднак і яны не прадугледзелі аднаго. Менавіта, што вораг можа падкупіць стражніка і такім чынам прайсці праз вароты ў сцяне.

Нешта падобнае ёсць і са спакусамі злога духа. Праблема ў тым, што ў нас саміх знаходзіцца здраднік, супрацоўнік злога духа, які спакушае нас перад вокнамі нашай душы. Калі б спакусы д’ябла не былі б прывабнымі нам, то мы іх не прынялі. Больш таго, многія з нас спакусы д’ябла не лічаць іх такімі і таму дазваляюць яму дзейнічаць.

Наша чалавечая прырода здэфармавана першародным грахом, яна схільная да граху і злы дух выкарыстоўвае гэту нашу слабасць. Менавіта таму, Езус пайшоў у пустыню, каб дасведчыць дзейнасці злога духа і паказаць, што з Божай дапамогай яго можна перамагчы.

Злы дух спакушае Езуса, прапануючы Яму замяніць камяні ў хлеб і гэтым самым заспакоіць голад. Злы дух спакушае Яго прапановай лёгкага поспеху, заахвочваючы кінуцца ўніз з верху святыні, каб усе дзівіліся гэтаму. І на канец, злы дух спакушае Езуса прапановай сусветнага валадарства, калі Ён яму пакланіцца. Езус не прымае ні адной прапановы злога духа, не гледзячы на тое, што час спакусы быў часам вельмі небяспечным для Яго сярод дзікіх пустынных звяроў (пар. Мц 4, 1-11; Мк 1, 12-15).

Таму адказам на першае пытанне, чаму Езус быў выпрабоўваны, мы павінны адказаць, таму, што Ён быў чалавекам як кожны з нас, хаця і быў без граху.

3.      Другое пытанне датычыць нас саміх. Менавіта, чаму Касцёл кожны год на пачатку Вялікага посту прадстаўляе нам аповед аб выпрабаванні Хрыста? Адказ вельмі просты. Мы павінны выйсці з нашага звычайнага стылю жыцця і прывычак і стаць тварам у твар са злым духам, каб адказаць яму так, як адказаў Сын Божы.

Для гэтага неабходна адправіцца на пустыню. Няма неабходнасці ехаць у Афрыканскую Сахару ці Амерыканскую Неваду. Нашай пустыняй можа быць месца, дзе мы жывём. Для гэтага неабходна стварыць патрэбныя ўмовы. Найперш сцішыцца, адарвацца аб штодзённай мітусні і застацца адзін на адзін з самім сабой і сваімі слабасцямі, каб перад Божым абліччам дасведчыць свайго стану душы, зрабіць адпаведныя пастанаўленні і з Божай дапамогай змяніць жыццёвы шлях так, каб ён адпавядаў Божаму плану.

4.      Нашы спакусы такія ж, як і Езуса, хаця з часам змянілася іх форма. Дзякуй Богу, мы маем што есці. Але ў нас усё больш і больш дамінуе жаданне мець як мага больш, быць самадастатковымі і незалежнымі ад Бога. Маем аўтамабіль, хочам другі. Маем кватэру, хочам другую. Маем дом, хочам іншы. І г.д. без канца. Намі кіруе культура мець і культура шоппінгу.

Сучасная эканоміка і культура спажывецтва выдаляе з цэнтра сваёй дзейнасці чалавека, а на месца Бога ставіць рэч і дабрабыт. Такім чынам мы забываемся аб фундаментальнай справе, што чалавек ацэньваецца не тым, што ён мае, але тым, кім ён ёсць. А ён створаны па вобразу і падабенству Божаму і такім павінен быць. У той сам час сучасны чалавек, які спадзяецца толькі на сябе, дасягненні навукі і тэхналогіі, становіцца ўсё боль ганарлівым і забываецца аб тым, што Бог любіць пакорных, а не ганарлівых (пар. Як 4, 6). Не здарма грэцкае выслоў’е кажа, што калі багі хочуць пакараць чалавека, то найперш чыняць яго ганарлівым (пар. http://www.missionariesofcompassion.org/en/page/70/).

Злы дух нас спакушае жаданнем поспеху, і то імгненнага і любым коштам, нават па трупах іншых людзей. Лічуся толькі “я” і больш ніхто. Таму ўсё больш праяўляецца карупцыя, несумленнасць, неадказнасць і г.д.

Злы дух спакушае нас імкненнем да ўлады. Усе хочуць кіраваць, займаць высокія пасады, нават не гледзячы на тое, здольныя да гэтага ці не, з адпаведнай прафесійнай падрыхтоўкай ці без яе.

Да гэтых спакусаў неабходна таксама далучыць і спакусу абыякавасці да Бога і бліжняга, аб чым нагадвае папа Францішак у сёлетнім Пасланні на Вялікі пост. Таму Божы народ, кажа Папа, мае патрэбу ў аднаўленні, каб не стаць абыякавым і не замкнуцца ў сабе (пар. ПВП-15, уступ).

Гэта вельмі актуальныя выклікі сучаснага свету, на якія мы павінны адказаць. Адсутнасць адказу на іх вядзе да вельмі небяспечных наступстваў як для самога чалавека, так і для грамадства, што мы бачым падчас небывалага крызісу веры, маральнасці, сям’і, сусветнай эканомікі, адносін паміж людзьмі і цэлымі народамі, што вядзе да розных, нават збройных, канфліктаў і тэрарыстычных актаў, і г.д.

5.      Прадстаўляючы нам на пачатку Вялікага посту евангельскі аповед аб выпрабаванні Хрыста, Касцёл заклікае нас уступіць у барацьбу са спакусамі, якім мы падуздзеяны. У адрозненне ад Езуса мы з’яўляемся грэшнікамі і ў большай ці меншай меры аддаёмся самаразбуральным прывабнасцям, якія злы дух прапануе нам. Мы павінны прызнаць, што нам неабходна нешта з гэтым рабіць.

Мы разумеем, што барацьба з нашай грахоўнасцю не з’яўляецца вельмі прыемнай, не бярэмся да яе ахвоча і часта адкладаем на заўтра, забываючыся аб тым, што заўтра пачынаецца сёння. Часта мы аддаём перавагу грахоўнаму стылю жыцця, замест таго, каб імкнуцца да навяртання. Для сучаснага чалавека амаль што не прымальна прызнаць, што ў яго жыцці пануе злы дух. Яшчэ больш складана выкараніць яго. І пакуль мы не ўсвядомім рэальнай духоўнай небяспекі, якая пагражае нашаму жыццю, мы застанёмся адарванымі ад жыцця, якое Хрыстус прапануе нам.

Мы знаходзімся як быццам сярод дзікіх грахоўных звяроў, як Езус у пустыні. Але як Езус прабываў сорак дзён і начэй на пустыні, каб перажываць нашу чалавечнасць, Ён таксама будзе з намі, калі мы ўступім у барацьбу са спакусамі нашага жыцця. Як Яму дапамагалі анёлы (пар. Мк 1, 13), таксама яны будуць дапамагаць і нам.

Быць веруючым хрысціянінам, азначае жыць паводле вучэння і прыкладу Хрыста. Таму падчас Вялікага посту Касцёл заклікае нас жыць з Хрыстом паводле Ягонага вопыту пустыні, каб разам з Ім выйсці з пустыні ўзмоцненымі, і потым разам з Ім раздзяліць шчасце ў Божым Валадарстве.

6.      З самога пачатку хрысціянства вернікі трапляюць ў канфлікт са светам, у якім жывуць. Так адбываецца таму, што хрысціяне з аднаго боку належаць да Хрыста, а з іншага жывуць у рэальным свеце і падуздзеяны яго ўплывам, часам аж да такой ступені, што становяцца падобнымі да вылаўленай з вады рыбы, якая, як вядома, задыхаецца і гіне. Хрысціянскія каштоўнасці і спосаб жыцця вельмі моцна адрозніваюцца ад тых каштоўнасцяў і спосабу жыцця, якія прапануе свет. Як вырашыць гэты канфлікт?

Ёсць тыя, якія прыпадабняюцца свету. Іх дэвіз: “Калі ты не можаш перамагчы выклікаў свету, то далучайся да іх”. Такім чынам яны не адрозніваюцца ад няверуючых. У той сам час св. апостал Павел заклікае не прыстасоўвацца да гэтага свету, але пераменяцца згодна з Божай воляй (пар. Рым 12, 2). Таму мы павінны жыць у ім паводле прынцыпаў Евангелля, як да гэтага заклікае св. апостал Павел, бо вобраз гэтага свету праходзіць (пар. 1 Кар 7, 31). Гэта не лёгка, але з Божай дапамогай магчыма. Трэба толькі жадаць і дазволіць Богу дзейнічаць у нашых сэрцах.

7.      Як вядома ў савецкія часы было шмат аповедаў аб спаборніцтве паміж Савецкім Саюзам і Амерыкай. Гэтыя анекдоты існуюць і сёння і ў сучаснай форме. Дык вось, аднойчы савецкая газета напісала, што савецкія вучоныя на глыбіні 100 метраў знайшлі медны провад, які быў выпрадукаваны 1000 гадоў таму. З гэтага была зроблена выснова, што іх продкі 1000 гадоў таму карысталіся тэлефонамі.

Некалькі тыдняў пазней у амерыканскай прэсе з’яўляецца артыкул, што амерыканцы на глыбіні 200 метраў знайшлі парэшткі выпрадукаванага 2000 гадоў таму валаконна-аптычны кабелюі зрабілі выснову, што іх продкі 2000 гадоў раней ад саветаў карысталіся высокаякаснымі валаконна-аптычнымі камунікацыйнымі тэхналогіямі.

Тыдзень пазней нігерыйская газета піша, што на глыбіні 500 метраў нічога не было знойдзена. З чаго была зроблена выснова, што 5000 гадоў таму іх продкі карысталіся безправаднымі камунікацыйнымі тэхналогіямі (пар. http://www.missionariesofcompassion.org/en/page/69/).

Выснова гэтага аповеду ў тым, што для дасягнення пазітыўнага выніку неабходна адпаведныя намаганні. Мы ж шукаем выйсця са складанай сітуацыі канфлікту паміж чалавекам, як Божым стварэннем, і светам з яго выклікамі, у якіх праяўляецца спакуса злога духа. Знойдзем ці не – залежыць толькі ад нас саміх.

8.      Св. апостал Павел не кажа ўцякаць з гэтага свету, але ісці ў яго з духам самаахвярнасці, не адмаўляючыся ад неабходнай у ім актыўнасці, так, каб збіраць скарбы не на зямлі, але ў небе (пар. Мц 6, 19-21).

Адна гісторыя распавядае аб тым, як многа стагоддзяў таму працаўнікі аднаго марскога порту кралі ўсё, што толькі маглі. Аднак потым там з’явіліся місіянеры, якія заклікалі людзей да навяртання, якое абавязвае да вяртання скрадзеных рэчаў. Людзі паслухалі святароў і пачалі зносіць усё украдзенае на бераг порту.

І тут распачалася праблема, бо тых рэчаў былі цэлыя горы і не было месца дзе іх складваць. Тады начальнік порту звярнуўся да людзей з наступнымі словамі: “Калі Бог схіліў вас да вяртання ўкрадзенага, то ведайце што і я вам прабачаю і вы можаце заставіць сабе ўсё тое, што ўкралі”.

Таксама і Бог глядзіць у нашы сэрцы і прабачае тым, хто жыве духам навяртання. Ён хоча нам вярнуць годнасць дзяцей Божых, якую мы самыя ў сябе ўкралі. А гэта адбываецца праз навяртанне. Вялікі пост акурат і з’яўляецца тым часам, у якім Хрыстус дае нам новы шанец абнавіць наша жыццё, каб там, дзе панаваў грэх, шчодра разлілася Божая ласка (пар. Рым 5, 20).

Вядома, што вадалазы працуюць пад вадой, але дыхаюць паветрам, якое знаходзіцца над вадой. Падобна і веруючыя павінны жыць у свеце, але паддацца кіраванню Святога Духа. Мы павінны ўключацца ў жыццё свету, але нашай рухаючай сілай павінна быць сіла Святога Духа, якая будзе падтрымліваць нас духоўна жывымі.

Таму, распачынаючы Вялікі пост, зробім адпаведнае пастанаўленне, каб жывучы ў свеце і будучы падуздзеяннымі на яго ўплыў і спакусам злога духа, змагацца з імі і імкнуцца да блізкасці з Богам.

9.      Дарагія браты і сёстры!

Чарговы раз падчас Вялікага посту Бог дае нам, жывучым у часы эрозіі духоўных каштоўнасцяў, новы шанец вярнуцца да Бога. Выкарыстаем яго належным чынам, каб праз пакутныя набажэнствы, рэкалекцыі, малітву Крыжовага шляху, добрыя ўчынкі, удзел у іншых вялікапосных практыках мы маглі вярнуцца да Бога; каб гэты спрыяльны час (пра. 2 Кар 6, 2) стаўся часам духоўнай фармацыі нашых сэрцаў (пар. DCE31).

Выкарыстаем таксама магчымасці Году кансэкраванага жыцця, які цяпер перажываем, калі ў вызначаных касцёлах штодзённа можна атрымаць поўны адпуст і ахвяраваць яго як за памерлых, так і жывых.

На гэты шлях у пастырскім Годзе навяртання, давяраючы вас Марыі – прытулку грэшнікаў – ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Святога Духа. Амэн.

 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

 

Мінск, 14 лютага 2015 г.

Свята Кірыла і Мятода,

апекуноў Еўропы

 

 

Выкарыстаная літаратура:

        

1.                Папа Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка “Deuscaritasest” (DCE).

2.                Папа Францішак. Пасланне на Вялікі пост 2015 г. (ПВП-15).

3.                http://www.missionariesofcompassion.org/en/page/69/.

4.                http://www.missionariesofcompassion.org/en/page/70/.      

 

 

P.S.   Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам

у Першую нядзелю Вялікага посту 22 лютага 2015г.

 

Прочитано 2272 раз Последнее изменение Суббота, 28 Февраль 2015 11:46
Super User

рэдакцыя сайта 

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии