Среда, 26 Август 2015 16:20

Распараджэнне Старшынi Канферэнцыi Каталiцкіх Бiскупаў у Беларусi

Автор 
Оцените материал
(1 Голосовать)

 

Святы Айцец Францішак устанавіў Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, які будзе святкавацца штогод 1 верасня. Устанаўленне гэтага дня, з’яўляецца вынікам выдання, прысвечанай праблемам экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя энцыклікі “Laudatosì”, абнародаванай 24 мая 2015 г.

Устанаўліваючы Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, Папа падкрэсліў яго экуменічны характар. Усе хрысцiяне павiнны ўносiць свой уклад у вырашэнне экалагiчнага крызiсу. Для гэтага неабходна з багатай хрысцiянскай спадчыны чэрпаць матывацыю, памятаючы аб тым, што духоўнасць не аддзелена ад прыроды i рэчаіснасці гэтага свету. Таму экалагічны крызiс заклiкае нас да экалагічнага навяртання.

Сусветны дзень малiтвы аб ахове стварэння павiнен стаць нагодай да аднаўлення нашага паклiкання быць вартаўнiкамi стварэння i да супольнага разам з iншымi хрысцiянскiмi супольнасцямi адказу на так небяспечны выклiк нашага часу, якiм з'яўляецца экалагічны крызiс.

У сувязi з устанаўленнем Сусветнага дня малiтвы аб ахове стварэння, у паразуменнi з усiмi ардынарыямі беларускiх дыяцэзій, маючы таксама на ўвазе не простую экалагічную сiтуацыю ў Беларусi, загадваю 1 верасня 2015г. пасля кожнай св. Iмшы памалiцца наступай папскаймалiтвай:

Праслаўляем Цябе, Ойча, разам з усімі стварэннямі, якія выйшлі з Тваёй усемагутнай рукі. Яны Твае, поўныя Тваёй прысутнасці і Тваёй чуласці. Будзь праслаўлены, Пане!

Езу, Сыне Божы, усё праз Цябе было створана. Ты фармаваўся ва ўлонні Марыі, стаў часткай гэтай зямлі і глядзеў на гэты свет людскімі вачыма. Сёння Ты жывеш у кожным стварэнні ў сваёй хвале Уваскрослага. Будзь праслаўлены, Пане!

Духу Святы, які сваім святлом накіроўваеш свет да любові Айца і спадарожнічаеш стагнанням стварэння, Ты жывеш таксама ў нашых сэрцах, каб абуджаць нас да дабра. Будзь праслаўлены, Пане!

Пане Божа Адзіны ў Тройцы, прыгожая супольнасць бясконцай любові, навучы нас сузіраць Цябе ў прыгажосці Сусвету, дзе ўсё кажа нам пра Цябе. Абудзі нашае праслаўленне і ўдзячнасць за кожную істоту, якую Ты стварыў. Адары нас ласкаю пачуцця ўнутранай еднасці з усім, што існуе. Божа любові, пакажы нам нашае месца ў гэтым свеце, як прылады Тваёй любові для ўсіх істот гэтай зямлі, бо ніводная з іх не забытая Табою. Асвяці тых, хто мае ўладу і грошы, каб яны не трапілі ў грэх абыякавасці, каб любілі агульнае дабро, падтрымлівалі слабых і апекаваліся светам, у якім мы жывём. Убогія і зямля клічуць: Пане, атулі нас сваёй моцаю і святлом, каб мы ахоўвалі кожнае жыццё, падрыхтавалі лепшую будучыню, каб настала Тваё Валадарства справядлівасці, спакою, любові і прыгажосці. Будзь праслаўлены, Пане! Амэн.

 

                                                                                                                       

 

Арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч

Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi

Старшыня Канферэнцыi

Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi

Прочитано 594 раз
Super User

рэдакцыя сайта 

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии