Четверг, 12 Март 2015 06:33

Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі на нядзелю перад урачыстасцю Звеставання Пана 2015

Автор 
Оцените материал
(1 Голосовать)

Шаноўныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы,

умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Мы перажываем V Нядзелю Вялікага посту, якая папярэднічае ўрачыстасці Звеставання Пана. У нашых святынях гучаць велікапосныя спевы, мы ўдзельнічаем у набажэнствах, якія спрыяюць нашаму паглыбленню ў таямніцы, звязаныя з Мукай нашага Пана Езуса Хрыста. Крыжовы шлях, у якім мы ўдзельнічаем, схіляе нас да больш грунтоўнага рахунку сумлення. Кіруючыся да глыбіняў нашага сумлення, мы здзяйсняем рэфлексію над нашым асабістым жыццём. Многія з нас, рэалізуючы разнастайныя велікапосныя практыкі, чыняць гэта з надзеяй на тое, што яны дапамагаюць нам у змяненні нашага жыцця, якое пазначана грахом. Мы ўсведамляем, што менавіта смерць нашага Пана Езуса Хрыста стала пачаткам нашага вызвалення з пастак шатана, з таго, што знявольвае нас і ў выніку аддаляе ад крыніцы нашага збаўлення, якой ёсць Бог.

«Усе, ад найменшага да найбольшага з іх, пазнаюць Мяне, — кажа Пан, — таму што дарую ім правіны і грахоў іхніх больш не буду ўспамінаць» (Ер 31, 34). Гэтыя словы з кнігі прарока Ераміі нагадваюць нам пра вялікую любоў Бога да чалавека, любоў, якая аб’явілася найперш у старазапаветныя часы праз заключэнне прымірэння з Выбраным Народам. Ведаем, што гэтае прымірэнне чалавек неаднаразова перарываў, пярэчачы Богу. Нягледзячы на гэта, Бог не адвярнуўся ад яго. Ён заўсёды любіў чалавека той жа самай любоўю, што і на пачатку. Найпаўней, аднак, Ён аб’явіў сваю любоў, спасылаючы ў свет свайго Сына, народжанага з Панны Марыі.

Таямніцу пасялення Сына Божага ва ўлонні Марыі мы, як заўсёды, узгадваем сярод велікапосных падзей. Праз некалькі дзён, 25 сакавіка, мы будзем перажываць урачыстасць Звеставання Пана. Мы вернемся думкамі да пачаткаў нашага збаўлення, яшчэ раз спадарожнічаючы Марыі ў чаканні нараджэння Збаўцы. Аднак перш чым праз Святога Духа стаць цяжарнай, Яна перажыла адзіную ў сваім жыцці сустрэчу. Хоць гэтая сустрэча была ў пэўным сэнсе сюрпрызам, бо была абсалютна нечаканай, аднак Бог такім чынам вырашыў ушанаваць свабоду маладой жанчыны па імені Марыя, чакаючы станоўчага выніку дыялогу. І прамоўленае Марыяй «так» стала дазволам на ўмяшанне Бога ў Яе асабістае жыццё.

Падзею Звеставання Пана, якое заўсёды схіляе нас да разважання над інстытутам сям’і, мы будзем перажываць у выключны час. Па-першае, завяршылася першая частка Сінода Біскупаў, якая служыла распазнанню актуальнага стану рэчаў і збору сведчанняў і прапановаў. Гэтыя сведчанні і прапановы нам сёння ўжо вядомы. Чакаючы другой часткі Сінода і яго галоўных указанняў, што запланавана на кастрычнік гэтага года, мы самі абавязаны да разважання над тым, як абвяшчаць Евангелле і сапраўды жыць ім у нашых сем’ях і для сям’і. Таксама над тым, як сёння сапраўды жыць Евангеллем у нашых сямейных колах, калі знешнія ўмовы, акрамя пазітыўных — такіх, як большая свабода слова, паўнейшае прызнанне правоў жанчыны і дзіцяці, — схіляюць чалавека да небяспечнага індывідуалізму, які праяўляецца ў знікненні сямейных сувязяў.

Як сёння сапраўды жыць Евангеллем, калі сучасную сям’ю закранае такі моцны крызіс веры, а наступствам з’яўляецца крызіс сужэнства і сям’і? Айцы Сінода прынялі на сябе абавязак даць адказ на гэтыя і іншыя пытанні. Найбольш поўна, аднак, сітуацыю сучаснай сям’і і сужэнства выражае прамова Святога Айца Францішка, скіраваная да ўдзельнікаў начнога чування, якое мела месца на плошчы св. Пятра 4 кастрычніка 2014 г. Тады ў межах падрыхтоўкі да Сінода па справах сям’і Папа сказаў: «Над нашай супольнасцю ўжо спускаецца змрок. У гэты час мы з ахвотай вяртаемся дадому, каб спаткацца за адным сталом, дзяліцца любоўю, здзейсненым і атрыманым дабром, сустрэчамі, што распальваюць і развіваюць сэрца, нібы добрае віно, якое ў чалавечым жыцці з’яўляецца прадвесцем свята, што не ведае змроку. Гэта таксама найцяжэйшая гадзіна для тых, хто сам-насам са сваёй самотнасцю, у горкім змроку разбітых планаў і мараў. Як шмат людзей праводзяць дні ў сляпым завулку адмаўлення, адвяржэння. У колькіх дамах няма віна радасці, няма смаку — самой мудрасці — жыцця. У гэты вечар станем голасам тых і іншых праз нашу малітву, малітву за ўсіх» (Прамова Папы Францішка, плошча св. Пятра, 4 кастрычніка 2014 г.).

Іншая падзея, дзякуючы якой сёлетняе Звеставанне становіцца яшчэ больш выключным, — гэта абвешчаны ў Касцёле ў Беларусі Год навяртання, апякункай якога з’яўляецца Марыя — прытулак грэшнікаў. Гэта чарговы год падрыхтоўкі да сотай гадавіны фацімскіх аб’яўленняў. Як жа моцна ўся сям’я і асобныя яе члены патрабуюць сёння навяртання! Навяртання патрабуюць дзядулі і бабулі, браты і сёстры, далёкія і найбліжэйшыя родныя. Усе тыя, хто ўтварае сям’ю.

Асабліва навяртання патрабуюць тыя бацькі, якія рашаюцца на грэх аборту. Як бацька, так і маці маюць патрэбу ў нашай асаблівай малітве, каб змяніць сваё жыццё, змяніць спосаб мыслення і свой падыход да жыцця. Гэта праўда, што нярэдка грамадска-эканамічная рэчаіснасць не заахвочвае іх да адкрыцця на новае жыццё. Зусім наадварот, яна часта вядзе да змяншэння сям’і. Так адбываецца ў абставінах растучай беднасці і адсутнасці бяспекі працы. Так адбываецца ў выпадку спрыяння заканадаўства забойству праз лёгкі доступ да аборту ці абартыўных сродкаў. Наступствам такога падыходу заканадаўства з’яўляецца дэмаграфічны крызіс і цяжкасці, звязаныя з прыняццем новага жыцця. «Абавязкам дзяржавы з’яўляецца стварэнне такіх заканадаўчых умоваў, каб забяспечыць маладым людзям будучыню і дапамагчы ў рэалізацыі плану заснавання сям’і» (Рэляцыя III Надзвычайнага пасяджэння Сінода Біскупаў, 18.10.2014 г.).

Яшчэ адной важнай падзеяй, звязанай з сям’ёй, будзе сёлетняя Сусветная сустрэча сем’яў з Папам Францішкам у Філадэльфіі пад дэвізам «Любоў — наша місія: сям’я ў поўні жывая». У катэхезах, якія павінны служыць падрыхтоўцы сем’яў да гэтага свята і якія ў хуткім часе будуць выдадзены на беларускай мове, падкрэсліваецца, што «сужэнства павінна быць плодным і адкрытым на новае жыццё. Дзеці фарміруюць будучыню, як яны самі былі сфармаваны ў сям’і. Без дзяцей не можа быць будучыні». («Любоў — наша місія: сям’я ў поўні жывая». Катэхезы па падрыхтоўцы да Сусветнай сустрэчы сем’яў у Філадэльфіі, V).

Умілаваныя браты і сёстры!Набліжаючыся да Дня святасці жыцця, які кожны год адзначаецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана, перад абліччам узгаданых выклікаў мы яшчэ больш усведамляем, што пакліканне Касцёла — «указаць усім нанова, з яшчэ большай перакананасцю, волю развіцця чалавечага жыцця ўсялякімі сродкамі і абароны яго ад любых нападаў, незалежна ад стану і стадыі развіцця, на якой яно знаходзіцца» (FC 30). Ужо шмат гадоў як у Паўсюдным Касцёле, так і ў Касцёле ў нашай краіне практыкуецца так званае «Духоўнае ўсынаўленне», якое з’яўляецца малітвай у інтэнцыі дзяцей, чыё жыццё знаходзіцца пад пагрозай, і іх бацькоў. Кожны раз гэтая малітва трывае дзевяць месяцаў і найбольш урачыста распачынаецца на Звеставанне Пана. Гэта не значыць, што ў іншы дзень нельга духоўна ўсынавіць дзіця, жыццё якога пад пагрозай.

Чым канкрэтна з’яўляецца «Духоўнае ўсынаўленне»? Гэта складзенае Богу абяцанне, сэнс якога ў малітоўным абавязку перад канкрэтнай асобай у інтэнцыі захавання жыцця дзіцяці ва ўлонні маці, якое знаходзіцца пад пагрозай, і яго справядлівага жыцця пасля нараджэння, — дзіцяці, імя якога вядома толькі Богу. Сутнасць «Духоўнага ўсынаўлення» — штодзённая спецыяльная малітва ў інтэнцыі дзіцяці і яго бацькоў і адна з таямніц Ружанца, а таксама дабравольна прынятыя рэлігійныя практыкі, такія, як Святая Камунія, пост, актыўная падтрымка дабрачынных спраў. Ёсць і яшчэ адно вымярэнне «Духоўнага ўсынаўлення» — тое, што складанне абяцання Богу мае таксама вялікую рэлігійную вартасць для самога чалавека, які яго складае, бо ўмацоўвае яго ўнутраную паставу, мабілізуе да больш руплівага хрысціянскага жыцця, паглыбляе сувязь з Богам.

Заахвочваем да гэтай малітвы найперш святароў і законных асобаў. Ваша пастава і прыклад паказвае вернікам, якім чынам паступаць. Няхай гэтае сведчанне будзе відавочным асабліва зараз, калі перажываем Год кансэкраванага жыцця, абвешчаны Папам Францішкам. Просім таксама, каб як мага большая колькасць вернікаў і людзей добрай волі далучылася да гэтай формы малітвы за дзіцячае жыццё, якое знаходзіцца пад пагрозай пад сэрцам маці. Такім ёсць пакліканне Касцёла, а значыць усіх нас, якія да яго належым. Будзем жа жыць згодна з гэтым пакліканнем, памятаючы, што кожны чалавек, таксама і той, які знаходзіцца ва ўлонні маці, належыць выключна Богу.

На працу трывалай малітвы і практык у абарону жыцця дзіцяці, якое знаходзіцца пад пагрозай, з сэрца ўсіх вас благаслаўляем.

 

Мінск, 30 студзеня 2015 г.

 

Каталіцкія Біскупы Беларусі

 

Біскуп Аляксандр Кашкевіч

Старшыня КанферэнцыіКаталіцкіх

Біскупаў Беларусі

 

Біскуп Антоні Дзям’янка

Генеральны сакратар ККББ

Старшыня Рады па справах сям’іпры ККББ

Прочитано 712 раз
Super User

рэдакцыя сайта 

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии