Среда, 01 Апрель 2015 15:24

Пастырскае пасланне на Пасху 2015г.

Автор 
Оцените материал
(1 Голосовать)

БЕЛАРУСЬ, БУДЗЬ КРАІНАЙ УВАСКРЭСННЯ!

ХрыстусУваскрос – сапраўдыУваскрос!

 

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, усе людзі добрай волі!

1.                Гэтым пасхальным воклічам сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую з радасным і збаўчым, самым вялікім і найбольш важным хрысціянскім святам Уваскрасення Хрыста! Гэтае свята мы адзначаем з радасцю дзеля трох наступных прычын. Праўда ўваскрасення Хрыста з’яўляецца падмуркам хрысціянскай веры. Яна гарантыя нашага ўваскрашэння, дае надзеюі падтрымку ў жыццёвых цяжкасцях.Яна таксама прыпамінае нам, што варта жыць, бо перад намі перспектыва шчаслівай вечнасці.

2.      Велікоднае Евангелле распавядае нам як жанчыны-міраносіцы, на трэці дзень пасля крыжовай смерці Хрыста, які быў першым днём тыдня, пайшлі да магілы свайго любімага Настаўніка, каб паводле габрэйскага звычаю намасціць Яго цела пахучымі алеямі. Езус памёр у пятніцу. На наступны дзень прыпадала габрэйская Пасха і не было часу, каб Яго пахаваць паводле традыцыі Выбранага народу. Таму яны вырашылі накіравацца да магілы Хрыста, каб дапоўніць тое, чаго не змаглі зрабіць адразу.

Найбольшым клопатам гэтых жанчын падчас іх шляху да магілы Езуса была праблема доступу да Яго цела, бо грабніца была закрыта вялікім каменем і ўваход у яе ватравалі жаўнеры. Аднак якое ж здзіўленне ахапіла іх, калі яны ўбачылі адкрытую магілу (пар. Мк 16, 1-5).

Але гэта яшчэ не ўсё, бо найбольшае здзіўленне чакала іх унутры яе. Там яны не ўбачылі цела Езуса. Замест яго знаходзіліся палотны, у якія яно было захінута і анёла, які ім сказаў: “Не бойцеся! Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага. Ён уваскрос, Яго тут няма; вось месца, дзе паклалі Яго” (Мк 16, 6).

         3.      Убачанае і пачутае было для іх маланкай з яснага неба аж да таго, што перапужаныя, яны пабеглі да апосталаў, каб абвясціць ім аб тым, што ўбачылі і пачулі (пар. Мц 28, 8).

Не паверылі таксама і апосталы. Пётр і Ян пабеглі да магілы. Ян, як малодшы, дабег хутчэй, але не ўвайшоў і чакаў Пятра. Прыйшоўшы да магілы Пётр заглянуў у яе. Евангеліст нічога не кажа аб рэакцыі Пятра. У той сам час ён падкрэслівае, што калі ў яе ўвайшоў Ян, то паверыў (пар. Ян 20, 3-8).

         4.      Уся гэта гісторыя нагадвае нам аб тым, што нават апосталам, якія ў пэўным сэнсе былі пасвячоныя ў таямніцу крыжовай смерціЕзуса і Яго ўваскрасення, цяжка было паверыць, што яно стала рачаіснасцю.

Больш таго, засмучаныя і страціўшыя надзею вучні з Эмаўс у той сам дзень вярталіся з Ерузалема ў сваю мясцовасць, калі да іх, размаўляючых аб апошніх, звязаных з Езусам, падзеях, далучыўся ўваскрослы Хрыстус. Яго, аднак, яны не пазналі і нават са здзіўленнем казалі, што Ён напэўна адзіны ў Ерузалеме, хто не ведае, што там сталася. А менавіта, што Езус быў укрыжаваны і пахаваны. Не гледзячы на тое, што некаторыя вучні Хрыста цвердзілі аб Яго ўваскрасенні, вучні з Эмаус не маглі ў гэта паверыць. І толькі на ламанні хлеба, гэта азначае падчас Эўхарыстыі,угэтым спадарожніку яны пазналі Езуса (пар. Лк 24, 13-35).

         Мы ведаем таксама, што ў той самы першы дзень тыдня ўваскрослыЕзус аб’явіўся Марыі Магдалені, якая прыняла Яго за садоўніка (пар. Ян 20, 11-16). Вечарам таго ж дня ў Вячэрнікуаб’явіўсяЁн і ўсім апосталам, акрамяТамаша, якога не было з імі (пар. Ян 16, 19-23).

Адсюль вынікае праўда аб тым, чаму хрысціяне святкуюць нядзелю, якая ў хрысціянстве называецца “Днём Панскім” – “DiesDominica”. Бо гэта дзень уваскрасення Пана – дзень перамогі Хрыста над грахом, смерцю і злым духам. Вымоўна яго назва гучыць на расійскай мове: “Воскресенье”.

У сувязі з гэтым неабходна звярнуць увагу і на тое, што Бог стварыў свет і чалавека на працягу тыдня, а ў першы дзень тыдня, у нядзелю, Езус аднавіў свет і чалавека. Яго смяротнага ўчыніў не смяротным. Cвету, які старціў надзею, вярнуў яе, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18), бо сапраўды хто і калі бачыў жывым памерлага! Таму Пасха з’яўляецца вяршыняй Божай дзейнасці ў гісторыі чалавецтва і свету.

5.      Напэўна ўсім нам вядома грэцкая паэма пра легендарную птушку фенікс. Прадбачучы сваю смерць яна з галінак пахучага дрэва звіла сабе гняздо, у якім згарэла. Аднак, з астаўшагася пасля яе попелу вылецела новая птушка. Адсюль і паходзіць выражэнне адрадзіцца як фенікс з попелу.

Такім чынам,у хрысціянскай традыцыі фенікс сімвалізуе несмяротнасць, уваскрэсенне і жыццё пасля смерці. У ім вельмі добра бачна велікоднае пасланне, бо Езус аддаў сваё жыццё за збаўленне свету і на трэці дзень уваскрос. У Ім новае жыццё ўваскрэсла з попелу смерці.

Сёння мы адзначаем перамогу Хрыста над грахом, смерцю і злым духам. Гэтая перамога з’яўляецца дарам вечнага жыцця для веруючых у Езуса. Менавіта таму фенікс з’яўляецца адным з самых ранніх сімвалаў уваскрослага Хрыста.

         6.      Праўда ўваскрэсення Хрыста з’яўляецца таямніцай нашай веры, бо ніхто не бачыў самога моманту ўваскрасення. Аднак як Евангелле, так і гісторыя пакінулі нам многа сведчанняў аб гэтай праўдзе. Не здарма св. апостал Павел кажа, што калі б Езус не ўваскрос, то пустой былаб наша вера і пустым было б наша абвяшчэнне Евангелля (пар. 1 Кар 15, 14). У той сам час, не гледзячы на шматлікія пераследы веры як у першыя стагоддзі хрысціянства, так і ва ўсёй яго гісторыі і яшчэ зусім нядаўна на нашай зямлі, хрысціянства не толькі засталося, але і моцна ўкаранілася па ўсёй зямлі.

         7.      Уваскрасенне Хрыста, будучы праўдай нашай веры, з’яўляецца гарантыяй нашага ўваскрашэння. Езус кажа: “Я –уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі” (Ян 11, 25). Мы верым, што Хрыстус уваскрасіць нас у апошні дзень.

Але праўдай ёсць і тое, што мы ўжо ўваскрэслі ў Ім у сакрамэнцехросту, у якім памерлі для граху і паўсталі да жыцця ў Божай ласцы. Дзякуючы ДухуСвятому наша хрысціянскае жыццё на зямлі з’яўляецца ўдзелам у смерці і ўваскрасенні Хрыста (пар. ККЦ 1002).        

Свята Уваскрасення Хрыста з’яўляецца таксама святам надзеі на вечнае жыццё, якая прыходзіць да нас праз веру і хрост. Не здарма падчас Пасхальнай вігіліі мы аднаўляем абяцанні хросту і вызнаём нашу веру ў Бога.

Хрост – гэта нешта значна большае ніжзвычайнае абмыццё ці абрад прыняцця да Касцёла. Ён азначае новае жыццё, якое нас падтрымлівае ў супакоі духа, не гледзячы на цяжкасці часу. “Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, хрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную хрысціліся. Дык вось, мы і пахаваныя з Ім хрышчэннем у смерць, каб, як Хрыстусуваскрос з мёртвых дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці. Бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, то павінны быць паяднаныяі падабенствам уваскрасення”, – кажа св. апостал Павел (Рым 6, 3-5).

         8.      Мы закончылі Вялікі пост – час навяртання і паўстання з нашых грахоў. Сёння перажываем збаўчы і радасны дзень Пасхі, які прыпамінае нам аб тым, што ў грахоўнай цемры засвяціла негаснучае святло Уваскрасення. Гэтая праўда з’яўляецца Божым дарам чалавецтву, якога нельга ацаніць, і адначасова заданнем, каб ім жыць. Кожны дзень мы, падобна феніксу, павінны ўваскрасаць з нашых грахоў і аднаўляцца ласкай уваскрослага Хрыста.

Неўзабаве пройдуць святы і ізноў распачнецца звычайнае жыццё. Ці мы ўвойдзем у яго з праўдай Уваскрасення? Вось пытанне, якое сёння стаіць перад намі. Бо калі святы прыходзяць і адыходзяць, нічога не пакідаючы ў нашых сэрцах, то гэта знак таго, што наша вера з’яўляецца павярхоўнай і не закранае глыбіні сэрца, не вядзе да сапраўднай еднасці са Хрыстом і да нашага дасканалення.

Сама ж назва сённяшняга свята “Уваскрасенне” нагадвае аб неабходнасці сталага ўваскрашэння з грабніцы грахоў і да змены жыцця на лепшае. “Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш нябесны” (Мц 5, 48), –заклікае нас Хрыстус. А імкнуцца да дасканаласці азначае не паддавацца спакусам злога духа і пастаянна яго перамагаць.

         9.      Гэта не лёгкае заданне і нам самім не пад сілу. Не здарма Езус кажа, што без Яго нічога не зробім (пар. Ян 15, 5). Нам патрэбна Яго дапамога і Ён праз Касцёл, у якім жыве, спяшаецца з ёй да нас. Неабходна толькі яе прыняць. Неразважныммы назвалі б чалавека, які, топячыся ў вадзе, не хапаўся б за выратавальны круг, які яму кідаюць з берага, бо, як кажа выслоў’е:“Хто топіцца, той хапаецца за саломіну”.

Але ці так ёсць у нашым духоўным жыцці? Колькі разроў мы тонем у грахоўным балоце і не хапаемся за руку, якую працягвае нам Езус?! У гэтым крыецца трагедыя чалавека, у якой ён сам, а не хтосьці іншы, вінаваты. Гэта асабліва бачна ў наш час дэхрыстыянізацыі і дэвальвацыі маральных каштоўнасцяў.

         Прыняты і адноўлены хрост яднае нас з Хрыстом – крыніцай нашага жыцця і шчасця, адзінай нашай надзеяй і сталай духоўнай радасцю. Неабходна толькі Яго прыняць як шлях да шчасця ў гэтым жыцці і ў вечнасці.

         10.    Зважаючы на вельмі небяспечныя выклікі нашага часу кожны з нас асабіста і наша Айчына – Беларусь –патрабуемХрыста, каб дапамог супрацьстаяць ім.

         10.1. Нам патрэбныўваскрослыЕзус, каб бараніў нас перад цемрай бязвер’я і холадам абыякавасці, які ўсё больш і больш апаноўвае свет. Найбольш небяспечным ворагам хрысціянства з’яўляецца не ваюючы атэізм, бо там мы ведаем, хто нам супрацьстаіць, але абыякавыя сэрцы сучасных хрысціян без моцнай веры і хрысціянскага сведчання.

10.2. Нам Ён патрэбны, каб пастаянна перамяняўнашыя сэрцы і чыніў адважнымі сведкамі ў духоўнай цемры сэкулярызму.

         10.3. Нам патрэбны Хрыстус унашых сем’ях, калі дэвальвуецца Богам устаноўлены інстытут сям’і, як адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай супольнага жыцця, узаемнай дапамогі, прадаўжэння патомства і яго выхавання, а разводы і распуста лічацца праяўленнем свабоды.

10.4. Нам патрэбны Езус, каб вучыў сучасных сужэнцаў перамагаць эгаізмі з радасцю прымаць цяжкасці адказнасці адзін за аднаго. Сучасны чалавек павінен разумець, што жыццё без шлюбу і на пробу, імкненне да заспакаення эгаістычных імкненняў і задавальненняўвядзе да расчаравання і жыццёвай драмы.

         10.5. Нам патрэбныУваскрослы, каб вучыў нас клопату пранайбольш каштоўны Божы дар, якім з’яўляецца дар жыцця. Нашыя сем’і, асабліва маладыя, павінны быць адкрытымі на пакліканне да адказнага бацькоўства.

         10.6. Нам патрэбныХрыстус, каб бараніў дзяцей і моладзь. Неўзброеным вокам бачна як многа драматычных праблем з’яўляецца ў іх жыцці. Бацькі ж павінны адзначацца адвагай і ўменнем выхоўваць іх у Божай праўдзе, знаходзіць для іх час і быць аўтэнтычнымі сведкамі Евангелля.

10.7. Нам патрэбны Езусу нашым грамадскім жыцці, дзе расце алкагалізм, наркаманія, карупцыя, усё больш праяўляецца эканамічны крызіс, паўстаюць розныя канфлікты, у тым сацыяльная і палітычная напружанасць, працоўная міграцыя, якая негатыўна ўплывае на крызіс сям’і і ўтрату веры і г.д. Наша грамадства павінна быцьнасычана нязменнай праўдай Евангелля і Божай ласкай, каб на іх, як на непахісным падмурку, будаваць будучыню.

10.8. Нам патрэбны Уваскрослы, каб дапамагаў разбудзіць пачуццё адказнасці за нашу Айчыну і салідарнасці паміж яе жыхарамі, каб паміж усімі панаваў дух узаемнай любові і згоды.

11.    Жыхары Беларусі з радасцю і гонарам успрынялі той факт, што Мінск стаўся месцам перамоў і падпісання мірных пагадненняў па Украіне, якія з’яўляюцца новым этапам на шляху да выршэння гэтага братабойчага канфлікту ў цэнтры Еўропы, хаця гэты шлях не лёгкі і патрабуе яшчэ многа намаганняў як з боку канфліктуючых старон, так і міжнародных арганізацый.

Беларусь, будуючы сваю тоеснасць на прынцыпах Евангелля, таксама павінна быць краінай міру, узаемапавагі і талерантнасці яе грамадзян, людзей розных веравызнанняў і нацянальнасцяў, але ў той сам час сыноў і дачок адной Бацькаўшчыны.

Мы з радасцю перажылі нядаўні візіт Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці папы Францішка кардынала П’етраПараліна, які ўмацаваў нашу веру і заклікаў да вернасці Хрысту ў барацьбе са злом, каб жыць свабодай дзяцей Божых. Пасланнік Папы заклікаў змагацца з новымі спакусамі нашага часу. Не дазваляць падкупіць сябе ілжывымі вобразамі, якія часта прыходзяць да нас і маюць поспех толькі дзякуючы знешняй прыгажосці, якая прамінае, або папулярнасці, што ў іншых выклікае зайздрасць, або гатоўнасці на ўсё дзеля багацця. У такім выпадку ёсць небяспека, што нашы натуральныя каштоўнасці будуць пашкоджаныя. Неабходна выбраць паміж Богам і ідаламі, паміж Тым, хто стварыў і любіць нас, і тымі рэчамі, якія могуць зрабіць нас сваімі нявольнікамі. Ад нашагаадказубудзезалежацьнаша вера, нашабудучыня і будучыня нашай краіны. Толькітыялюдзі, якіявераць у высокіякаштоўнасці і змагаюцца, кабдасягнуцьіх, сапраўдыз’яўляюццаграмадзянамі, якіядапамагаюцьсваёйкраінеісцінаперад да лепшайбудучыні (пар. http://catholic.by/2/libr/homilies/124944-chuwanne-gamilija.html).

У гэты святочны дзень звяртаемся да цябе, Уваскрослы Езу, адары нас ласкай супрацьстаяння сэкулярнайідэалогіі, якая нішчыць нашу хрысціянскую самасвядомасць і гэтым самым аслабляенашае духоўнае жыццё. Дапамажы нам быць сведкамі Тваёй бязмежнай любові ў нашым штодзённым жыцці. Вядзі нас шляхам духоўнага ўваскрасення, які чыніць нашае жыццё новым ва ўсіх яго праяўленнях.

Як Бог палюбіў нас аж да праліцця апошняй кроплі крыві свайго Адзінароднага Сына, таксама і мы павінны насуперак сэкулярным тэндэнцыям любіць Яго праз выкананне Божага закону. У абставінах, калі людзі ўсё часцей жывуць так, як быццам Бог зусім не існуе, неабходна супрацьставіцца ідалам сучаснага свету: эгаізму, ідэалогіі спажывецтва, ілюзіі лёгкага шчасця і ўзбагачэння, абыякавасці да чужых праблем, страты пачуцця дабра і зла, адсутнасці сэнсу і мэты жыцця і г.д.

Няхай, тады, бязмежная любоў Хрыста ззяе ў кожным нашым дзеянніі стане нашым штодзённым жыццём.У адной са сваіх пасхальных гамілій св. Аўгустын казаў, што калі Хрыстуспакутаваў, то і нам трэба памерці дляграху.Калі Хрыстосуваскрос, то і нам неабходна жыцьдляБога. Калі Хрыстус перайшоў з гэтага светуў дом Айца, то і мы не павінны засяроджваць нашысэрцы на зямных справах, аследавацьза Ім да вышэйшых. Калі Ён быў укрыжаваны, то і нам трэба крыжаваць пажадлівасць нашага цела. Калі Ёнляжаў у магіле, то і мы, разам з Імпамерлыя для граху, павіны забыцца пра старога грэшнага чалавека і стаць новым. Калі Ён знаходзіцца ў небе, то і нам неабходна перамяніць нашы зямныя жаданні на вышэйшыя (пар. S. Agostino, Discourse 229/D, 1: http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/it/homilies/2009/documents/hf_benxvi_hom_20090329_magliana.html).

11.    Дарагія браты і сёстры! Усе людзі добрай волі!     

Віншую ўсіх вас з радасным і збаўчым святам Хрыстовай Пасхі! Віншую католікаўі іншых хрысціян, якія сёння адзначаюць гэтае свята святаў!Няхай велікодная радасць напоўніць нашыя сэрцы надзеяй і ласкамі ўваскрослага Пана!

Са словамі асаблівай павагі звяртаюся да нашых праваслаўных братоў і сясцёр, якія праз тыдзень будуць святкаваць свята Уваскрасення Хрыста! Жадаю ім так перажыць распачынаючуюся Страсную сядміцу, каб яна ўвяла ў сапраўдную радасць пасхальнага Алелюя.

Уваскрослы Езу, адары нашу Айчыну, Беларусь, патрэбнымі ёй ласкамі, каб яна была краінай духоўнага ўваскрасення, якое з’яўляецца гарантыяй гарманічнага жыцця на зямлі паводле Божага плану і шчаслівай вечнасці. Жадаю ўсім вам, суайчыннікі і ўсе людзі добрай волі, шчаслівых, поўных Божай ласкі і Яго супакою святаў Уваскрасення Хрыста.

Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Гэтыя свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына і Духа Святога. Амэн.

 

 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

 

Мінск, 25 сакавіка 2015 г.

Урачыстасць Звеставання Пана

 

 

 

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

 

1.                 Катехизис Католической Церкви. Москва 1998 (ККЦ).

2.                 http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/it/homilies/2009/documents/hf_ben-xvi_hom_20090329_magliana.html.

3.                 http://catholic.by/2/libr/homilies/124944-chuwanne-gamilija.html.

Прочитано 723 раз
Super User

рэдакцыя сайта 

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии