Пятница, 24 Апрель 2015 07:37

ВЫЙСЦІ З СЯБЕ, КАБ ПАЧУЦЬ ГОЛАС КЛІЧУЧАГА ПАНА

Автор 
Оцените материал
(1 Голосовать)

Пастырскае пасланне

на Нядзелю малітваў аб пакліканні

26 красавіка 2015г.

 

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1.                Мы перажываем Велікодны перыяд, калі асаблівым чынам радуемсяі дзякуем за самы каштоўны дар, які Бог даў нам, менавіта за збаўленне, якое нам выслужывў Езус сваёй крыжовай смерцю і ўваскрасеннем.

Нядзельныя чытанні заахвочваюць нас бясконца дзякаваць і праслаўляць Бога за гэты дар. У іх мы таксама чуем словы, якія павучаюць нас аб тым, што духоўнае жыццё ў Хрысце – гэта не заслужаная намі Божая ласка, якую мы атрымалі задарма. Мы чуем таксама, што можна занядбаць гэтую ласку і нават страціць яе. У гэтых чытаннях мы таксама чуем павучанне як пазбегнуць такога негатыўнага выніку.

У першымчытанні з Дзеяў Апосталаў апостал Пётр сярод натоўпу ў Ерузалеме аб’яўляе прысутным правадырам і старэйшынам габрэйскага народа, што кульгавы чалавек быў вылечаны іменем Езуса Хрыста, якога яны ўкрыжавалі і якога Бог уваскрасіў з мёртвых. Ён, Хрыстус, камень, адкінуты праз будаўнічых і ў ім збаўленне (пар. Дзеі 4, 10-12).

Гэтыясловы павінны прыпомніць нам аб тым, што Езус памёр таксама і за нашы грахі і тое, што мы ў XXIстагоддзі таксама пажынаем з плёну Яго пасхальнай таямніцы.

2.                Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае Чацвёртую велікодную нядзелю, якая называецца нядзеляй Добрага Пастыра. Ёю мы распачынаем Тыдзень малітваў аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця.

У сучасных урбаністычных грамадствах мы не вельмі знаёмыя з тэхналогіямі авечкагадоўлі і схільныя яе ўпрыгожваць. Для многіх гэта рамантыка. На самай жа справе, асабліва ў часы Езуса Хрыста, гэта быў самотны, суровы і небяспечны занятак. Не здарма Езус выкарыстоўвае парабалу аб тым, што добры пастыр павінен быць гатовы аддаць сваё жыццё за авечак, бо кепскі пастух, для якога авечкі маюць толькі ўтылітарную каштоўнасць, пры небяспецы кідае іх і сам уцякае.

3.                Выкарыстоўваючы гэту парабалу Езус мае на ўвазе цесную, асабістую сувязь, якая павінна існаваць паміж Ім і яго паслядоўнікамі. Ён прапануе сваё жыццё для іх, і яны павінны адказваць Яму з поўным даверам, бо ведаюць і любяць Яго, так як Ён любіць свайго нябеснага Айца.

Мыжывём у свеце, у якім імкненне да асабістай свабоды цэніцца вышэй за ўсё. Аднак тут узнікае праблема ў тым, што свабода аднаго чалавека можа лёгка парушыць правы іншага. У такіх выпадках, трэба прызнаць, што асабістая свабода не можа быць абсалютнай. Калі вядомы амерыканскі спявак Фрэнк Сінатра спяваў песню аб сваім асабістым шляху, то хаця ён ёй цешыў многіх слухачоў, аднак у той сам час многія думкі гэтай песні мелі сумніўны тэалагічны характар. Бо ідэалам не павінен быць мой асабісты шлях, але праўдзівы, згодны з Божай воляй, шлях.

4.                Калі Езускажа, што ён Добры Пастыр, то гэта азначае, што Ён гарантуе камфорт і бяспеку для іншых. Прарок Езэкіэль так апісвае кепскіх пастыраў: “Гора пастырам Ізраэлевым, якія пасвілі самі сябе! Ці ж не статак павінны пасвіць пастыры? Вы елі тлушч і воўнаю апраналіся, укормленых авечак калолі, а статак не пасвілі” (Ез 34, 2-3).Такія эгаістычныя пастухі не клапоцяцца пра сваіх авечак, а толькі выкарыстоўваюць іх для задавальнення ўласных патрэб.

Калімы хочам быць паслядоўнікамі Добрага Пастыра, то павінны мець такія ж адносіны з Богам, якія меў Езус. Гэта азначае, што мы павінны адкрыць сябе на рэальнасць Божай любові да нас, а потым рабіць усё, каб яна ажыццявілася ў жыцці іншых людзей. Гэта часта азначае, што нам неабходна ставіць інтарэсы і патрэбы іншых людзей перад нашымі ўласнымі. Іншымі словамі, мы свой шлях павінны зрабіць шляхам іншых. На першы погляд гэта можа выглядаць як рэцэпт для расчаравання і рабства, але такую выснову можа зрабіць толькі той, хто сам яе не спрабаваў. Добры Пастыр таксама шчаслівы пастыр!

5.                У сённяшнім Евангеллі, Хрыстус, нагадваючы аб авечках, якія ведаюць свайго пастыра, кажа таксама і аб тых, якія Яго не ведаюць і якіх трэба прывесці ў Яго двор, каб яны слухалі Яго голас і каб быў адзін статак і адзін пастыр (пар. Ян 10, 11-18). Гэтыясловы звернуты да язычнікаў, да тых людзей, якія не былі габрэямі, бо ў Хрысце ўсе пакліканы да збаўлення.

Клопатпра іншых дапамагае стварыць у нас пачуццё пазнання Езуса так, як Ён знае нас. Калі гэта адбудзецца, то інстынктыўна мы распазнаем голас нашага Добрага Пастыра і з задавальненнем пойдзем за Ім у будучыню.

Клапаціцца пра тых, якія пазналі Хрыста і якія яшчэ Яго не пазналі, Касцёл даверыў прад усім святарам, якія дзейнічаюць ад імя Езуса і Яго моцай. Мы цешымся, штопавялічваецца колькасць святароў у нашай краіне.

Аднак, як паказвае практыка, колькасць пакліканняў да святарства з кожным годам памяншаецца. Тут напэўна ёсць многа прычын. Гэта найперш сэкулярны дух, які ўсё больш пануе ў свеце, калі людзі жывуць так, як быццам Бога няма. Гэта таксама і негатыўны вобраз святара, які нярэдка ствараюць сучасныя медыя. Не апошнюю роль у гэтым працэсе іграе і негатыўнае настаўленне некаторых бацькоў да святарскага паклікання сына.

Усе хочуць мець святара, аднак трэба памятаць аб тым, што святары не прыходзяць з космасу і што кандыдаты ў святарства нараджаюцца і выхоўваюцца ў нашых сем’ях. Таму ўсім нам неабходна вельмі сур’ёзна падысці да праблемы паклікання і прад усім маліцца, каб маладыя людзі, якіх Хрыстус кліча да святарства ці кансэкраванага жыцця, пачулі Яго голас і адказалі на яго словамі прарока Ісаі: “Вось, я, пашлі мяне” (Іс 6, 8).

6.                У сваім Пасланні на чарговы Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях папа Францішак падкрэсліў, што пакліканне можа ўзнікнуць толькі ў досведзе місіі, тады, калі мы зможам выйсці з саміх сябе і адказаць на пакліканне, якое Бог нам дае. Папа прыпамінае гісторыю збаўлення, якая заўсёды ўключала ў сябе выхад з няволі да свабоды, з рабства старога чалавека да новага жыцця ў Хрысце.

У цэнтры кожнага хрысціянскага паклікання павінен стаяць вопыт веры, які заклікае адмовіцца ад сябе, ад камфорту і бескампраміснасці ўласнага “я”, каб засяродзіць сваё жыццё на Езусе Хрысце. Падобна Абрагаму неабходна пакінуць сваю зямлю і пайсці туды, куды кліча Бог, ведаючы, што Ён пакажа дарогу да новай зямлі.

Гэтага выходу не трэба разумець як адмовы ад самога сябе. Наадварот, той, хто ідзе за Хрыстом і ахвяруе сябе Богу, знойдзе жыццё ва ўсёй поўні. Працэс выходу ўкаронены ў любові, бо пакліканне прад усім з’яўляецца выклікам любові, якая прыцягае і адначасова дазваляе выйсці з сябе, а таксама стаць дарам іншым.

У сувязі з гэтым Святы Айцец Францішак звяртаецца да маладога пакалення, якое часта перажывае нявызначанасць і асцярогі ў абліччы будучыні з заклікам не баяцца выходзіць з уласных абмежаванняў і даць Богу магчымасць здзівіць сваім пакліканнем (пар. Messaggio).

7.                Заўтра 27 красавіка Касцёл адзначае першую гадавіну кананізацыі папы Яна Паўла II, які так многа ўчыніў як для адраджэння Каталіцкага Касцёла ў нашай Айчыне, так і для фармацыі святароў. У сваёй спадчыне ён заставіў нам цэлую кладзезь вучэння аб святарстве і яго значэнні для Касцёла і евангелізацыі. Для святога Яна Паўла IIсвятарства было дарам і таямніцай. Нам неабходна маліцца, каб як мага больш юнакоў паўтарыла словы гэтага Вялікага Пантыфіка, каб у нашай краіне было дастаткова святароў, якія будуць абвяшчаць вечна жывую праўду Евангелля, асвячаць людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і служачы ім у любові будаваць хрысцыіянскія супольнасці.

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі – Маці святароў, на шлях малітвы аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця ад усяго сэрца бласлаўляю ў імя Айца, +і Сына, і Святога Духа. Амэн.

 

 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітарапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 21 красавіка 2015 г.

 

 

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1.                Messaggio del Santo Padre Francesco per la 52ª Giornata mondiale di

         preghiera per le vocazioni (Messaggio).

 

P.S.   Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэта Пасланне

         вернікам у Чацвёртую велікодную нядзелю 26 красавіка 2015 г.

Прочитано 1259 раз
Super User

рэдакцыя сайта 

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии